Кароткі лікбез: правілы чытання беларускай лацінкі

У гэтым тэксце я паспрабую максімальна проста растлумачыць прынцыпы чытання лацінкі — як «класічнай», так і афіцыйна зараз ужываемага «трансліту», якім публікуецца ў тым ліку і беларуская версія майго блога. Нічога складанага ў гэтым на самай справе няма.

Пачнем з зычных: з стандартнага кірылічнага набору б, в, г, д, ж, з, к, л, м, н, п, р, с, т, ф, х, ц, ч, ш выкідаем за непатрэбнасцю ж, ч, ш — гэтыя тры літары ў беларускай лацінцы (роўна як і ў чэшскай, славацкай, славенскай, харвацкай, літоўскай, латышскай) абазначаюцца вытворнымі ад з, ц, с пры дапамозе дадання гачака:

z ← з/ж → ž
 c ← ц/ч → č
s ← с/ш → š

Таксама асобна варта звярнуць увагу на літары Г і Х. У беларускай мове гук «г» вымаўляецца бліжэй да «х» (фрыкатыўны), а ў лацінцы гэтыя гукі яшчэ і перадаюцца падобным чынам:

г → h
х → ch

Год → Hod
Агарод → Aharod

Хата → Chata
Страха → Stracha

Дыграф Ch для абазначэння гуку «х» на самай справе не з’яўляецца чымсьці дзіўным і «надуманым». Дакладна такое ж спалучэнне літар выкарыстоўваецца для перадачы дадзенага гуку ў чэшскай і славацкай сістэмах пісьма, а гэтак жа прысутнічае ў польскай і (у запазычаных словах) літоўскай. Немцам, шведам і шматлікім іншым народам, якія карыстаюцца лацінскай пісьменнасцю, Ch таксама чужым не з’яўляецца.

Заўважу, што і выбуховае «г» (як у рускай мове) па кананічных правілах беларускай мовы ў шэрагу слоў ўсё ж такі павінна прамаўляцца — гэта некаторыя запазычаныя словы (ганак, гузік, гвалт, швагра, гонта) і ў спалучэнні «зг» (мазгі, розгі). Ва ўкраінскім кірылічным алфавіце для гэтага гуку існуе асобная літара Ґ, але ў беларускай кірыліцы яна не прыжылася, а разам з гэтым і вымаўленне за апошнія гады сур’ёзна нівеліравалася па зваротным прынцыпе «як пішацца, так і чуецца». Таму можна цалкам нівеліраваць гэты нюанс і ў лацініцы. Аднак, пры жаданні быць надта дасканалым, дадаецца яшчэ адна нармальная і ўсім знаёмая лацінская літара замест дзіўнай і нязвыклай кірылічнай. Пры чытанні тэксту з яе выкарыстаннем дакладна ніякіх праблем не ўзнікне:

ґ → g

ґанак → ganak (hanak)
ґуст → gust (hust)
розґі → rozgi (rozhi)
мазґі → mazgi (mazhi)

Астатнія лацінскія літары зразумелыя і знаёмыя ўсім даўно. Не можа быць абсалютна ніякіх праблем з іх чытаннем.

б → b
в → v
д → d
к → k
л → l
м → m
н → n
п → p
р → r
т → t
ф → f

Галоснасць

Пяройдзем да «галосных»: а, я, э, е, ё, о, у, ў, ю, i, ы, й. З дадзенага набору не спатрэбяцца е, ё, ю, я — гэтыя літары ў іх кірылічным варыянце у лацініцы папросту адсутнічаюць. Таксама варта звярнуць увагу, што звыклая па кірыліцы E чытаецца ў лацінскім алфавіце менавіта як «э». Знаёмым з украінскай граматыкай гэта праблемай наогул не падасца.

э → e

Лацінскія ж аналагі астатніх галосных павінны быць ужо даўно ўсім у наш кампутарны век вядомыя. Магчыма, хіба што ў літарах Y і J трэба крыху прывыкаць бачыць «ы» і «й», калі раней выпрацавалася звычка чытаць іх «па-ангельску».

а → a
о → o
у → u
ў → ŭ
i → i
ы → y
й → j

Каб зразумець, як лацінскі алфавіт лёгка абыходзіцца без «нехапаючых» галосных літар е, ё, ю, я, трэба ўлавіць сам прынцып напісання гэтых гукаў у лацініцы. Таму ў якасці прамежкавага прыкладу я прывяду словы, напісаныя звыклай кірыліцай, але ў адпаведнасці з прынцыпамі лацінскага пісьма (дарэчы, пры такім падыходзе і кірыліца магла не быць перагружанай дадатковымі літрамі):

Мера → Міэра → Miera
Мёд → Міод → Miod
Мюнхен → Міунхіэн → Miunchien
Мяч → Міач → Miač

А цяпер, напрыклад, у пачатку слова, дзе ў кірыліцы гэтыя ж літары гучаць ужо зусім інакш:

Ежа → Йэжа → Ježa
Ёгурт → Йогурт → Johurt
Юрта → Йурта → Jurta
Яма → Йама → Jama

Любому, хто ведае рускую мову, такі прынцып ужо вядомы па запазычаных словах «Йод» і «Йогурт» і не павінен выклікаць ніякіх цяжкасцяў. А каб зразумець, наколькі ён зручней (хай спачатку і здаецца наадварот), згадаю яшчэ адну кірылічную літару, якая ў лацініцы папросту не патрэбна, — цвёрды знак (апостраф). У кірыліцы яго неабходнасць абгрунтавана выключна тым, што адна і тая ж літара можа ў залежнасці ад размяшчэння ў слове чытацца па-рознаму. У лацінцы жа гэтай блытаніны няма.

п’е → пйэ → pje
б’юцца → бйуцца → bjucca
п’яныя → пйаныйа → pjanyja

На самай справе, гэта адзіны складаны момант у «прывыканні» да лацініцы. Таму на яго варта звярнуць асаблівую ўвагу, зразумець логіку і зручнасць падобнага рашэння. Пасля гэтага нелагічнай з яе розначытаннямі адных і тых жа літар будзе здавацца ўжо кірыліца.

е → je/ie
ё → jo/io
ю → ju/iu
я → ja/ia

Мяккі знак

Яшчэ адна літара кірылічнага алфавіту, цалкам не патрэбная ў лацініцы. Замест мяккага знака ў выпадках, калі неабходна «змякчыць» зычную, выкарыстоўваецца дыякрытычны знак, якім звычайна ў кірыліцы пазначаюць націск, — акут (ад лацінскага «acutus» — «востры», што беларусам цалкам знаёма паводле слова «кут»).

ветразь → vietraź
восень → vosień

Вядома, калі тэкст напісаны ў адпаведнасці з класічнай граматыкай Тарашкевіча, то і мяккіх знакаў будзе больш:

цвік → cvik
гуканне → hukannie

цьвік → ćvik
гуканьне → hukańnie

Гэтае адрозненне ніяк не ўплывае на зручнасць чытання і праблем не выклікае, а ў лацінскай версіі яшчэ і практычна не кідаецца ў вочы. Аднак ёсць іншы звязаны з пазначэннем мяккасці зычных нюанс, які сур’ёзна адрозьнівае згаданыя ў пачатку «класічную» і «трансліт» сістэмы пісьма: «л/ль».

Клясічная Ł

Дарэчы, гэта адзінае адрозненне паміж дадзенымі сістэмамі. У астатнім яны цалкам ідэнтычныя, бо сучасны «трансліт» — гэта ўсё тая ж «класічная» лацінка з адной толькі рэформай: у «транслітным» варыянце літара L падпарадкоўваецца тым жа правілам, што і іншыя зычныя. Ніякіх выключэнняў і мудрагельства з ёй няма.

ц, с, з, н, л → c, s, z, n, l
ць, сь, зь, нь, ль → ć, ś, ź, ń, Í

шалёны → šaliony
лёд → liod
крышталь → kryštaĺ
малады → malady
галава → halava

Але вось у «класічнай» версіі засталася атрыманая ў спадчыну ад польскай абэткі адметная асаблівасць: усе зычныя літары першапачаткова цвёрдыя, а літара L наадварот мяккая, і калі іншыя зычныя неабходна дадаткова змякчаць дыякрытычнымі знакамі, то L наадварот прыходзіцца пры неабходнасці «ацвярджаць» — выкарыстоўваць літару Ł.

ц, с, з, н, л → c, s, z, n, ł
ць, сь, зь, нь, ль → ć, ś, ź, ń, l

шалёны → šalony
лёд → lod
крышталь → kryštal
малады → małady
галава → hałava

Дадзены «дарэвалюцыйны» варыянт добра падыходзіць для класічнай граматыкі Тарашкевіча, дзе мяккая «ль» выкарыстоўваецца часцей. У больш распаўсюджаным цяпер «наркомаўскім» варыянце беларускае мовы ў многіх словах мяккую змяніла цвёрдая «л», з-за чаго ў некаторых выпадках розніцы на пісьме папросту не будзе:

ідэалогія → idealohija ← ідэалёгія
логіка → lohika ← лёгіка
філалогія → filalohija ← філялёгія

план → plan ← плян

Дарэчы, першапачаткова ў беларускай лацініцы было яшчэ адно адрозненне, запазычанае з польскай граматыкі: літара W замест цяперашняй V. Але ў другой палове ХХ стагоддзя пасля мноства дыскусій ад дадзенай спадчыны ўсё ж такі адмовіліся, так што сустрэць падобнае вы зможаце толькі ў тэкстах, выдадзеных у XIX альбо першай палове ХХ стагоддзяў.

Nasa Niwa

Практыка асваення і прымянення

Вядома, першы вопыт чытання на лацініцы падобны на «разгадванне рэбуса» — можа здацца, што гэта ўсё зусім заблытана і таму прайграе звыклай кірылічнай сістэме. Але і на кірыліцы кожны калісьці таксама чытаў марудна і па складах. Толькі практыка дае ў выніку магчымасць «заглынаць» словы цалкам, не завастраючы ўвагу на асобных літарах. І ў дадзеным выпадку гэты працэс пройдзе значна прасцей і хутчэй, чым некалі ў пачатковай школе. Як з яздой на ровары: калі навучыўся катацца, то адвучыцца ўжо немагчыма, а асвойваць потым розныя яго мадыфікацыі — не так складана. Лацінка ўсё ж заснавана на тых жа прынцыпах, што і кірыліца. І хай вобласць ужывання навыку яе чытання пакуль досыць абмежаваная, па меншай меры, дублюючыя кірыліцу надпісы ў Мінскім метрапалітэне ўжо не будуць здавацца «няправільнай ангельскай».


Dalučajciesia da kamientaroŭ na Facebook i VK, a taksama da navin ab sviežych publikacyjach u Telegram. Pračytali sami — padzialiciesia z inšymi:


Опубликовано

в

от

Комментарии

Добавить комментарий