Беларуская лацінка: пакінуць літару Ł палякам

Ł

Я вельмі люблю беларускую мову. І вельмі люблю лацінскі алфавіт. Таму мне не лянота дубляваць на беларускай усе артыкулы, якія публікуюцца тут. І менавіта лацінкай. Аднак гэта лацінка не класічная, а той яе варыянт, які некаторыя пагардліва называюць «трансліт». І вось чаму.

Раней ужо неаднаразова беларуская лацінка станавілася тэмай публікацый у дадзеным блогу. Напрыклад, раю прачытаць артыкул пра правілы яе чытання, дзе я якраз згадаў пра адзінае адрозненне дзвюх лацінскіх сістэм правапісу для беларускай мовы — класічнай і «трансліта» — выкарыстанне літары Ł. Усё астатняе ў абодвух выпадках цалкам аднолькавае, толькі перадача гукаў «л/ль» у класічным варыянце беларускай лацінкі прымушае ўзгадаць пра польскую граматыку. Фокус у тым, што ў польскай мове літара L, па аналогіі з італьянскай, традыцыйна чытаецца менавіта як мяккая «ль». А для абазначэння цвёрдай «л» (якая ў сучаснай польскай стала вымаўляцца як нешта накшталт ангельскага «W» ці беларускай «Ў») граматык Станіслаў Забароўскі, прыдумаў літару Ł. У 1515 годзе ён прапанаваў яе ў рамках свайго лацінскага трактату «Orthographia seu modus recte scribendi et legendi Polonicum idioma quam utilissimus» — першай арфаграфіі польскай мовы. І за мінулыя з тых часоў больш за пяць стагоддзяў дадзеная літара трывала звязалася не толькі з польскай граматыкай, але і стала часткай самабытнасці польскай культуры.

Ні для каго не сакрэт, што беларуская лацінка выйшла наўпрост з польскай — да XIX стагоддзя польскі алфавіт быў проста адзіным даступным беларусам спосабам друку. І першыя набраныя лацінскімі літарамі беларускія тэксты па напісанні нічым не адрозніваліся ад польскіх. Напрыклад, заклік Кастуся Каліноўскага «DA MUŹYKOW ZIEMLI POLSKOJ» 1863 года выдання. Дакладна таксама і першыя нумары «Нашай нівы» выходзілі «polskimi i ruskimi literami». Хіба што з дадаткам Ŭ, якая ўпершыню была выкарыстаная ў кракаўскім выданні Францішка Багушэвіча «Dudka Białaruskaja» у 1891 годзе. Пазней дыграфы CZ, SZ і літару Ż, прыдуманую пяць стагоддзяў таму ўсё тым жа Станіславам Забароўскім, замянілі на Č, Š, Ž. Так з’явілася беларуская лацінка.

Nasza Niwa
Лацінская версія «Наша Нiва» 1906 года. Набрана цалкам ў адпаведнасці з польскай традыцыяй.
У апісанні значыцца «wychodzić polskimi i ruskimi literami»
Nasza Niwa
Лацінская версія «Наша Нiва» 1910 года. CZ, SZ і Ż заменены на Č, Š, Ž.
У апісанні значыцца «wychodzić ruskimi i polskimi literami»
Беларуская лацінка ў газеце  «Наша Нiва», 1912 год.
Лацінская версія «Наша Нiва» 1912 года.
У апісанні значыцца «wychodzić ruskimi i łacinskimi literami»

Ужо ў другой палове ХХ стагоддзя пасля шматлікіх дыскусій пайшлі на наступны крок па дыстанцыяванні ад польскай арфаграфіі — літару W замянілі на V. Менавіта ў такім выглядзе на дадзены момант беларуская лацінка і лічыцца «класічнай» — без CZ, SZ, без Ż і без W, але ўсё яшчэ з Ł. Такім чынам, захаваўся самы пазнаваемы сімвал польскага алфавіту. І толькі ў рамках працы над афіцыйнай транслітарацыяй беларускай мовы ад яе вырайшылі адмовіцца.

У 2007 годзе ў ААН была зарэгістраваная сістэма лацінскага напісання, якая выкарыстоўваецца на дадзены момант, напрыклад, у картаграфіі, вулічных шыльдах і транспартных схемах, перакладчыку Google, а таксама на старонках дадзенага блога. Літары L прызначаная «англійская» цвёрдасць гучання, а для змякчэлага яе варыянту алфавіт дапоўніла Ĺ. Асабіста я лічу перспектыўным менавіта гэты варыянт. Па цэлым шэрагу прычын.

Па-першае, чым далей ад польскай, тым лепш. Не, я зусім не лічу польскую мову дрэннай — гэта родная мова многіх маіх продкаў. Але для Беларусі ўспрымацца ў моўным і культурным плане нейкім «прыдаткам» Польшчы сапраўды гэтак жа непрымальна, як і аналагічныя асацыяцыі з Расіяй. Беларуская лацінка зрабіла дастаткова доўгі шлях па адасабленні ад польскай, і варта не баяцца зрабіць яшчэ адзін крок.

Па-другое, менавіта цвёрдае прачытанне літары L з’яўляецца больш звыклым у сучасным свеце, дзе ролю найболей распаўсюджанай міжнароднай мовы грае англійская. А беларусам у якасці асноўнай замежнай мовы больш карыснай будзе якраз англійская, а не польская.

Па-трэцяе, такую сістэму людзям будзе банальна прасцей асвоіць, бо зручней, калі ўсе зычныя літары падпарадкоўваюцца адным і тым жа правілам. Без выключэнняў.

Калі ж нехта думае, што Ĺ выглядае неяк «дзіўна», няхай звернуць увагу на славацкі алфавіт — дакладна такая ж літара выкарыстоўваецца славакамі для абазначэння падвойнага «Л». І баяцца таго, што літара атрымліваецца «занадта высокай», таксама няма сэнсу. Любая загалоўная Š, Č, Ž мае такую вышыню, але праблему гэта не стварае. Нават па тэкстах беларускай версіі дадзенага блога можна пабачыць, што сучасная «трансліт» лацінка зусім не выглядае як-небудзь ненатуральна. Пры гэтым яна значна больш самабытная на выгляд і не выклікае ніякіх асацыяцый з польскай мовай. Вядома, не будзе ніякай праблемы і ад раўналежнага выкарыстання адразу абедзвюх сістэм напісання. Бо нават у кірыліцы зараз мы маем дзве розныя граматыкі беларускай мовы, паводле якіх адны і тыя ж словы пішуцца па-рознаму. Але асабіста я ўсё ж пакіну літару Ł палякам.


Dalučajciesia da kamientaroŭ na Facebook i VK, a taksama da navin ab sviežych publikacyjach u Telegram. Pračytali sami — padzialiciesia z inšymi:

Prakamientavać